КІБЕРНЕ́ТЫКА ТЭХНІ́ЧНАЯ,

раздзел кібернетыкі, у якім вывучаюцца тэхн. сістэмы кіравання рознай складанасці і ўзроўню аўтаматызацыі. Асн. кірункі даследаванняў — распрацоўка тэорыі і метадаў кіравання складанымі сістэмамі, стварэнне аўтам. і аўтаматызаваных сістэм кіравання, а таксама тэхн. сродкаў перадачы, апрацоўкі, захоўвання і адлюстравання інфармацыі; асн. метад даследаванняў — кібернетычнае (машыннае) мадэляванне на аснове ЭВМ.

К.т. з’яўляецца навук. асновай для распрацоўкі аўтаматызаваных сістэм кіравання, праектавання (гл. Аўтаматызацыя праектавання), навук. даследаванняў, кіравання вытв-сцю, тэхнал. працэсамі і прамысл. выпрабаваннямі (гл. Аўтаматызацыя вытворчасці). Пры вывучэнні тэхн. сістэм кіравання, якія характарызуюцца вял. размернасцю, многаўзроўневай структурай, складанасцю і шматграннасцю інфарм. узаемасувязей паміж элементамі, рознапланавасцю, а часам і супярэчнасцю мэт кіравання, выкарыстоўваюцца метады дэкампазіцыі і агрэгатавання, тэорыя вял. сістэм, сістэм «чалавек—машына», многакрытэрыяльная аптымізацыя, метады прыняцця рашэнняў ва ўмовах неакрэсленасці і інш.

На Беларусі даследаванні праводзяцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, НВА «Цэнтрсістэм» і інш.

В.С.Танаеў.

т. 8, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)